________________
10 ліпеня 2010 году ў Менску адбыўся устаноўчы Зьезд Руху “Маладая Беларусь”. Мерапрыемства праходзіла на Ўправе Беларускага Народнага Фронту па адрасе вул. Машэрава, 8.
Удзел у Зьезьдзе прынялі каля 55 дэлегатаў, якія прынялі рашэньне аб стварэньні Руху “Маладая Беларусь”, зацьвердзілі стратэгію дзейнасьці на бліжэйшыя два гады, абралі кіраўніцтва. Старшынём Руху быў пераабраны дзеючы кіраўнік Артур Фінькевіч. Таксама было прынятае рашэньне аб падачы дакумантаў у Міністэрства Юстыцыі дзеля рэгістрацыі моладзевага грамадзкага аб’яднаньня. На жаль, дзьве дэлегацыі па незалежачых ад іх абставінах ня здолелі даехаць да Менску ў дзень правядзеньня Зьезду.
Па выніках Зьезду была прынятая рэзалюцыя аб падтрымцы лідэра руху “За Свабоду!” Аляксандра Мілінкевіча ў якасьці кандыдата на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на маючых адбыцца ў хуткім часе прэзыдэнцкіх выбарах. Акрамя гэтага, было вырашана афіцыйна зьвярнуцца да Міжнароднай Амністыі ад імя Зьезду, каб дамагчыся прызнаньня актывіста Руху “Маладая Беларусь” Алега Сургана, які на дадзены момант адбывае пакараньне ў турме горада Глыбокае за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу, па абвінавачваньні ў хуліганскіх дзеяньнях, вязьнем сумленьня.
На зьезьдзе таксама падтрыманая працэдура абраньня адзінага кандыдата ад БНБ, прапанаваная Партыяй БНФ. Удзельнікі выказалі спадзяваньне, што астатнія суб’екты Беларускага Незалежніцкага Блёку змогуць пераадолець усе супярэчнасьці й прыняць дадзеную працэдуру.
На мерапрыемстве прысутнічалі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан і лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.
Нагадаем, што напярэдадні Зьезду, 8 ліпеня 2010 году, на лідэра “Маладой Беларусі” Артура Фінькевіча быў зьдзейсьнены напад – Артура зьбілі й абрабавалі, забраўшы ноўтбук, тэлефон, пашпарт, флэш-карты й квіткі на самалёт – Фінькевіч мусіў ляцець у ЗША 11 ліпеня.
Прэс-служба МБ
|